:

Прэс-рэліз да 36-й гадавіны і Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе

26.04.2022 г.

26 красавіка 1986 года свет узрушыла страшная трагедыя: выбух на Чарнобыльскай АЭС у паўночнай частцы Украіны (тады частка СССР). Гэтая аварыя стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. У выніку выбуху ў атмасферу былі выкінуты вялікія аб'ёмы радыеактыўных рэчываў, якія затым распаўсюдзіліся па заходняй частцы СССР і частцы Еўропы. Радыеактыўнае забруджванне назаўжды змяніла жыцці мільёнаў, і наступствы дадзенай катастрофы адчувальныя да гэтага часу.

Для Беларусі катастрофа на Чарнобыльскай АЭС мае асаблівае значэнне. Ад наступстваў аварыі пацярпела значная частка тэрыторый, што прывяло да перасялення і парушэння нармальнага ўкладу жыцця сотняў тысяч беларусаў.

Пачынаючы з 1990 года ў рэспубліцы рэалізавана пяць Дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На выкананне мерапрыемстваў праграм на сёння накіравана ў эквіваленце 19,3 млрд. долараў ЗША.

Беларусь удзячная ўсім міжнародным партнёрам, якія не засталіся безуважнымі да пакутаў людзей на забруджаных тэрыторыях і аказалі Беларусі пасільную дапамогу.

Сімвалічным з'яўляецца абвяшчэнне Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падчас сваёй 71-й сесіі пры падтрымцы 60 дзяржаў – членаў Арганізацыі 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе.

Шмат было зроблена, але шмат чаго яшчэ  трэба зрабіць. Пры гэтым фокус нацыянальных намаганняў па чарнобыльскай тэме свядома пашыраецца ўрадам Рэспублікі Беларусь з дапамогі і рэабілітацыі на ўстойлівае развіццё эканамічнага і чалавечага патэнцыялаў пацярпелых рэгіёнаў.

Пераадоленне доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай аварыі патрабуе вялікіх нацыянальных намаганняў і фарміравання новых партнёрстваў для заахвочвання ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, прыцягнення інавацый і інвестыцый.

Беларусь разлічвае на падтрымку з боку ўстаноў ААН, дзяржаў-членаў ААН, прыватных інвестараў і зацікаўлена ў прыцягненні міжнародных партнёраў да вырашэння практычных задач, што стаяць перад дзяржавай, па забеспячэнні ўстойлівага развіцця гэтых рэгіёнаў і людзей, якія іх засяляюць. Спадзяемся на працяг плённага супрацоўніцтва з усімі партнёрамі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці